Случ, паводка і вясёлая кампанія.
Я вельмі люблю, калі на паездку збіраецца збітая (спітая?) кампанія. Вось так і атрымалася.
сабраліся ды паехалі глядзець на паводку. На ніжнюю Случ. Хаця гэта ўсяго толькі ПВД, але расказаць трохі ёсць пра што, таму гэтую справаздачу я падзялю на часткі.
Частка першая – “Пяршак” і піва.
Селі ў электрычку на Асіповічы а 6-й раніцы. Селі ўтраіх – Алесь, Глеб і я – бо Дзіма ўжо быў у Салігорску, чакаў. Каб паспець, я прачнуўся а 4-й, а Алесь дык зусім не клаўся. Цяжка нам усім было. Загрузіліся і зразумелі, што трэба паспаць. Але ж узбуджэнне ад пачатку першай сёлятней паездкі не дазваляе. Каб гэтае ўзбуджэнне зняць мы выпілі. Парадаксальна, але пляшка брэсцкага “Першаку” на траіх (а ў ім, халера, 56 градусаў!) не дапамагла. На шчасце ў Глеба была маленькая паўтарачка піва, і вось яна нас ужо паваліла. У Асіповічах мы пераскочылі на дызель да Салігорска і зноў зваліліся спаць.
Незадоўга да Салігорска мы ўсе дружна прачухаліся і пачалі глядзець праз вакно на Салігорскія горы. А потым прыехалі, выпаўзлі на платформу і сустрэлі Дзіму. Сустрэлі ды паехалі.
Частка другая – вада і гарбата.
Заехалі мы ў краму, закупіліся (як у нас усё гэта ўлезла – дасюль здзіўляюся) ды паехалі на дамбу. У бок дамбы, дарэчы, вядзе з Салігорска вельмі сімпатычная веладарожка. Спачатку гэта проста адасобленая паласа праезднай часткі, потым – спецыяльная дарожка. Ехалася нам проста выключна. Ну, і даехалі.
Дамба гэтая трымае Салігорскае вадасховішча,
а з другога боку дамбы цячэ Случ.
На дамбе ёсць шлюз,
а каля шлюза спяць рыбакі.
Далей веладарожкі ўжо не было і знаку – пачаўся грэйдэр. Грэйдэр – гэта такая справа, што утрымацца я не магу і дазволю сабе маленькае
Лірычнае адступленне – “Песня пра грэйдэр”.
О, грэйдэр! Колькі сілаў і здароўя забіраеш ты ў раварыстаў. Колькі пабітых колаў, прабітых камераў і намуляных срак прынёс ты ў аналы роварнай гісторыі! Чаму хвалістая форма твая яшчэ нікім не апетая і не ўслаўленыя ўсе твае вартасці – зубадрабільнасць і нязручнасць, пясок на ўзбочынах і прамыіны пасярэдзіне? Колькі па табе давялося мне накруціць кіламетраў, мацюкаючыся пры кожным павароце руля і пры кожным націсканні на педалі! Вытрымаць твае выпрабаванні не кожны можа, не ў кожнага атрымаецца выбіраць кожнае імгненне самы незубадрабільны шлях, віхляючы рулём, нібы п’яны неандэрталец. Грэйдэр! Хто прыдумаў цябе, каму і навошта прыйшла ў галаву ідэя пакласці цябе сярод палёў і лугоў, сярод лясоў і гаёчкаў, правесці пыльнай стужкай цябе з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень па ўсёй нашай краіне? Лягчэй вынесці дождж і слоту, халады і адсутнасць грошай, замкнёныя крамы і сушняк, чым цябе, грэйдэр! І, па табе едучы, толькі адна думка заўсёды грэе мяне і не дае плюнуць на ўсё і вярнуцца на асфальт – ты, паскуда, заўсёды вядзеш у самыя цікавыя мясціны, мясціны нязведаныя, няз’езджаныя, прывабныя і нечаканыя. Дык халера з табой, будзь!
Толькі не падманвай спадзяванняў.
Але гэты грэйдэр быў неверагодным чынам прыемны. Пасля зімы яго яшчэ не паспелі разбіць, і ехалася проста выдатна. Скажу толькі, што на гэтай самай дарозе ў канцы лета мінулага году я паспеў праклясці ўсё, што толькі было можна. Карацей, вясновы грэйдэр – гэта не горш за восенькі асфальт.
Першай нашай мэтай была вёска Доўгае – яна знаходзіцца на своеасаблівым востраве, утвораным непасрэдна Случчу, Арыштанцкай канавай і Баранавай канавай. Дарэчы, Арыштанцкую канаву сапраўды капалі арыштанты – тыя, каго “павязалі” пасля рэвалюцыі 1905 г. Вось яна.
Каля вёскі Доўгае спыніліся, пад’елі і папілі гарбаткі…
Частка трэцяя. Вада, ізноў вада!
ды паляцелі далей. Праўда, зноў заехалі ў краму (Божа, куды нам столькі!).
Была ў нас задумка дабрацца да возера Белае – яно знаходзіцца на мяжы Салігорскага і Жыткавіцкага раёнаў. Прыгожае возера, бываў там. І рыбалка добрая, што асабліва цікавіла нашага спеца-рыбака Алеся. Даведаўшыся, што ад Доўгага да Белага возера яшчэ піліць ды піліць, Алесь з крыкам: “На рыбалку не паспеем!” так прыдушыў педалі, што мы ледзь паспявалі за ім. І да наступнага пункту нашага падарожжа – вёскі Яскавічы – мы прыехалі зусім хутка. Імпэт, шаноўныя! Ну, і добры асфальт – таксама рэч важная. У Яскавічах папілі вадзічкі на прыпынку і зноў ламанулі – далей, на Морач. Зноў імпэт, зноў ляцім (праўда, ніхто гэтым разам не ўзяў велакампутар – нават хуткасць не паглядзець было), зноў глытаем асфальт, даязджаем да Морачы, п’ем вадзічку, курым карту, едзем…
Асфальт сканчваецца. Пачынаецца лес. Дарогі ператвараюцца ў накірункі, пераплеценыя незразумелым чынам. Інтуітыўна выбіраем кожны раз з накірункаў самы правільны (як нам здаецца) і круцім педалі. Круцім ажно да ручаіны. Паколькі вясна, паводка, дык і ручаіна сталася не проста ручаінай, а амаль рэчкай.
Дзіма ідзе правяраць, ці можна перабрацца.
Праверка прыносіць добрыя вынікі, і мы паступова перабіраемся на другі бераг.
А на другім беразе пачынаецца пясок. Паколькі ў мяне асабіста ровар зусім пад такія дарогі не прызначаны, давялося большую частку часу ісці. Але ў выніку – дайшлі! Дабраліся да Грабава, спыталі дарогу і папілілі ў бок Мілевічаў, каб па мосце пераехаць Случ. Ды толькі калі мы на мосце апынуліся, ехаць далей расхацелася. Мы паазіраліся і завярнулі ў лес. Мы ўжо былі сабраліся спыняцца, але Глеб адчуў нейкай часткай цела, што трэба праехаць яшчэ далей, і вывез нас вось сюды.
Дарэчы, менавіта тут, каля Мілевічаў, пераходзіў савецка-польсую мяжу Сяргей Пясецкі, пра што ён пісаў у сваёй кнізе “Пяты этап”.
Частка чацвёртая – гарбата і гарэлка.
Паставілі мы намёты, сабралі дроваў, расклаліся, гарбаткі папілі, шашлычкі спяклі, гарэлачкі сербанулі… Вечар быў як трэба. Што тут можна сказаць? Вось я і прамаўчу. Толькі фатаграфіі павешу.
Частка пятая – кава.
Раніцай пілі каву. Алесь лавіў рыбу (праўда, нічога не злавіў). Глеб пераязжаў брод на ровары.
Потым вяртаўся назад – на меншай хуткасці.
Потым разаграваўся, каб залезці ў ваду.
Потым лез у ваду.
Потым вылазіў з вады.
Потым мы збіраліся,
і пры гэтым ледзь не наступілі на вужа.
А потым мы зноў ехалі і даехалі да вёскі Ленін. Вёска Ленін, між іншым, ніякага дачынення да У.І. Ульянава не мае – яна (дакладней, яно, бо гэта было мястэчка) такую назву мае ўжо чатырыста год. Дык вось, калі мы туды даехалі, то пабачылі вось што.
Першы раз у жыцці на габрэйскіх могілках пабачыў драўляны помнік – проста ўсунутая ў зямлю дошка з надпісамі.
На заднім плане – стос такіх дошак. Проста сабралі з магіл тыя, якія пагнілі, ды знеслі ў кучу.
Трохі далей знаходзяцца могілкі праваслаўныя, і на іх стаіць капліца.
Таксама цалкам драўляная – нават купал набраны з невялічкіх дошчачак. Але занядбаная і прагнілая.
Шкада, бо вельмі прыгожая.
Апошняя фатаграфія – від з моста каля Мікашэвічаў. За дрэвамі можна пабачыць адвалы гранітных кар’ераў.
У Мікашэвічы мы прыехалі адначасова з дажджом. Пашанцавала, амаль не прамоклі. Пачакалі на вакзале ды селі сабе на дызель.
Частка шостая – апошняя.
Прыгожа было. Файна. Стаміліся як чэрці, задавальненне атрымалі анёльскае. Паскудна трохі было вяртацца – ажно дзве перасадкі, прычым у Баранавічах нават не адразу селі ў электрычку, бо была забітая пад завязку, ажно ў тамбуры людзі стаялі. Давялося чакаць.
У Мікашэвічы плануем паехаць падчас адпачынку, каб апынуцца там у чацвер. Менавіта па чэцверах на кар’ерах рвуць граніт. Паверце мне, шаноўныя, ніхто з вас яшчэ такога “бабаху” не бачыў і не чуў. Таму – падключайцеся, не пашкадуеце.
- Войдите в систему или зарегистрируйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии
#
Быстро справился как и обещал. Значит жив-здоров.Спасибо! Отличная вкатка для начала сезона. Получил каифушек ведро!
#
Абы не апошні раз!
#
Игорь-skrypka умеем написать так, чтобы читать не отрываясь!
Спасибо!
#
Дзякуй, Міша!