Запозненая справаздача

1

Надзвычай перапрашаю за спазненне, бо пашыраную справаздачу пра польскую паездку меўся я зрабіць даўно, але… Справы, праца, розная трасца перашкодзілі. Ды нішто – цяпер, калі зіма грукае ў вакно, надзвычай прыемна прыгадаць летнія паездкі.
Не буду надта прыдумляць, проста выкладу сюды свой падарожны дзённік і фатаграфіі.
0570_novyy_razmer_1.jpg

 

3 жніўня 2010 г.
8.20 польскага часу.
Бераг возера Нэцка (пад Аўгустовам)

Учора сышлі з цягніка “Мінск-Гродна” каля 5.30. Доўга пакаваліся, Алесь корпаўся з тармазамі і ўвогуле папраўляў нашыя ровары. Спыталі ў таксіста дарогу – і рушылі. Прыехалі на мытню недзе ў 9.30. Нашую мяжу прайшлі без праблем. Праўда, падрыхтаваліся заранее – звязаліся з мытным камітэтам па тэлефоне і па мэйле, даведаліся, што можна (хаця на самой мытні казалі, што нельга), ну і праехалі. Ішлі наперадзе ўсёй аўтамабільнай чаргі, у сувязі з чым я зразумеў – за мяжу трэба ехаць на ровары! Праўда, польскі мытнік нас затрымаў – аказваецца, ужо год як нельга правзіць больш за 2 пачакі цыгарэт. А мы, само сабой, па блоку набралі – курцы. Памахаў пагрозліва пальцам, сказаў “ай-ай-ай”, але адпусціў. З цыгарэтамі разам. Гэта – суцэльнае шчасце, бо там гэтае задавальненне роўна ў пяць разоў даражэй.
Але вось мы ў Польшчы! Апошнія тэлефанаванні па беларускіх сімках, пасля чаго я выключыў мабільны і зняў гадзінік з рукі. Адпачынак пачаўся!
Першы пункт падарожжа – Аўгустаў. Паехалі адразу ляснымі сцежкамі. Ну, сцежкамі – гэта я так. Нармальныя асфальтавыя дарогі, толькі і праўда сярод лясоў. Між іншым, вельмі добрыя дарогі гэтыя, і машын практычна няма. Даехалі так да Ліпска, потым павярнулі на Аўгустаў – тут ужо давялося выйсці на нармальную трасу. Але нішто, едзем. Праўда, недзе ў абед змарыліся, завярнулі ў лес і трохі паспалі – ну яшчэ б, на колах з паловы шостай! Але потым далей, далей… Да Аўгустава дабраліся каля 18.00. Там куфлем піва адзначылі пачатак падарожжа, пад’елі і паехалі да возера, дзе меліся заначаваць. Праўда – вось неспадзяванка – да яго не пад’ехаць было. Паўсюль прыватная ўласнасць – гатэлі, матэлі і да таго падобная трасца. Ужо цямнела, дык мы ў адчаі павярнулі направа, у лес. І нечакана выехалі на тое ж возера, толькі з іншага боку. Заехалі на пляж – таксама платны. Гаспадар пляжа садраў з нас за начлег 10 злотых. Праўда, у параўнанні з кемпінгамі гэта вельмі сціпла. Паставілі намёты, паляглі спаць.
Праехалі 112,43 км.
Сярэдняя хуткасць – 16,6 км/г
Час у дарозе – 6 г. 42 хв.
 

 

0005_novyy_razmer.jpg

0011_novyy_razmer.jpg

0014_novyy_razmer.jpg

0015_novyy_razmer.jpg

0024_novyy_razmer.jpg

 

4 жніўня 2010 г.
5 г. 50 хв.
Каля вёскі Дунаек – па дарозе з Алецка да Гіжыцка.

Дзянёк учора быў – гамон проста. Адразу ў Алеся пачалі вылятаць спіцы. Прычым з боку касеты. Знайшлі майстэрню толькі ў Алецка. Тамтэйшы майстар спіцы паставіў умомант, пры гэтым ровары нашыя вытворчасці Мінскага велазавода назваў “трагічнымі”. У Алецка ж паелі і паехалі далей. Узбівалася на дождж, і ўзбілася. Схаваліся ў лесе, накрыліся тэнтамі, і ўсё адно прамоклі. Дождж супыніўся, паехалі далей. Мжычка ўсё сыпала, мы ўсё круцілі педалі, аж пакуль не сцямнела. Давялося спыніцца на беразе нейкага возера, на пакосе, там, дзе намёты ставіць забаронена. Быў дождж, золка, мокра.
Праехалі 64 км.
Сярэдняя хуткасць – 14,9 км/г
Час у сядле – 4 г. 17 хв.

 

0041_novyy_razmer.jpg

0042_novyy_razmer.jpg0043_novyy_razmer.jpg

5 жніўня 2010 г.
Каля 8.00
Вёска Сьвента Ліпка, Дом пілігрыма

Учарашні дзень – у адрозненні ад пазаўчарашняга – быў вельмі добры. Хаця і давялося нам запакаваць мокрыя намёты, хаця і сыпала ад самага ранку дробная мжычка, але неўзабаве пасля нашага ад’езду ад стаянкі надвор’е ўсталявалася як найлепей – хмарна, нягорача і без дажджу.
Даехалі да Выдмінаў, там з’елі сняданне (бо са стаянкі сарваліся непад’еўшыя – баяліся, нехта пабачыць нас і зладзіць нам вагон клопатаў) і рушылі далей, у бок Гіжыцка. Вырашылі галоўнай трасай не ехаць, а рушыць праз лясы і вёскі. І менавіта праз лясы мы паехалі – з вялікім, зрэшты, задавальненнем. Так да Гіжыцка і дабраліся.
Гэта горад паміж двума вялікімі вазёрамі, хаця паўночнае нібы падзелена (афіцыйна, паводле мапы) на некалькі – Касайна, Добске і г.д. Мусіць, яно завялікае на адну назву. Паўднёвае называецца Негоцін.
Сам горад проста неверагодны – цудоўныя касцёлы, ратуша, старыя дамкі, лёгкая і прыязная атмасфера. Наведалі там крэпасць Боэн – сістэму ўмацаванняў, якія закрывалі праход паміж гэтымі вялікімі азёрамі.

0045_novyy_razmer.jpg0047_novyy_razmer.jpg0061_novyy_razmer.jpg0062_novyy_razmer.jpg

Адтуль паехалі на Кентшын. Па дарозе адбылася ў нас неверагодная сустрэча.
Бачым – стаіць на ўзбочыне дзядзька, рамантуе свой ровар. У шлеме, з саквамі – велатурыст. Спыніліся дапамагчы – веласалідарнасць, куды ж без яе. Пазнаёміліся. Быў гэта не дзядзька, а зусім нават дзядуля 81 год. І ехаў ён адзін з Гданьска ў Беласток! Імя ягонае – Багдан Лукашэвіч.

0081_novyy_razmer.jpg0088_novyy_razmer.jpg

Мы з ім нават віскі па глытку выпілі. І ён, між іншым, і параіў нам заначаваць у Сьвентай Ліпцы, у Доме Пілігрыма. Таксама параіў змяніць маршрут і ехаць адразу не на Гданьск, а на Фрамборк. Адтуль паромам пераехаць да Крыніцы і ўжо адтуль дабрацца да Гданьска. Мы яго паслухаліся, але планы зноў адкарэктаваліся ў дарозе – ды пра гэта пазней…
Да Сьвентай Ліпкі мы прыехалі занадта позна, каб улезці ў сам Дом Пілігрыма, але паставілі намёт побач – там ёсць спецыяльна вылучаная тэрыторыя, на якой тых намётаў стаяла даволі шмат.
Сьвента Ліпка – месца яшчэ тое! Неверагодна прыгожы, нават пампезны барочны касцёл, які знаходзіцца ў вёсцы. Паглядзець на яго з’яжджаюцца з усяго свету, таму гатэляў у вёсцы больш, чым дамоў. Касцёл рэстаўруецца, але працуе. Штодзень праходзіць там некалькі канцэртаў арганнай музыкі. Арган сам па сабе ўражвае не толькі гучаннем, але і лялечным аздабленнем. І ўсе лялькі, якія на яго налепленыя, яшчэ і рухаюцца падчас выканання – званяць у званочкі, трубяць у трубы…. Праўда, арганіст вельмі сярэдні – на жаль.
Увогуле за дзень уражанняў маса, і яны прыемныя.

Праехалі 90 км.
Сярэдняя хуткасць – 15,5 км/г
Час у сядле – 5 г. 46 хв.

0138_novyy_razmer.jpg

0107_novyy_razmer.jpg

0111_novyy_razmer.jpg

0117_novyy_razmer.jpg

0118_novyy_razmer.jpg

0132_novyy_razmer.jpg

6 жніўня 2010 г.

Бераг возера Елхова каля Лідзбарка-Вармінскага

Са Сьвентай Ліпкі мы ўчора выехалі позна. Пакуль канцэрт ранішні паслухалі, пакуль спіцы памянялі, пакуль тое, пакуль гэтае… Ды і выязжаць не вельмі хацелася, бо надта прыгожа там. Але – дарога кліча. Рушылі.
Выехалі каля 12.00, а ўжо праз гадзіну прыехалі ў Рэшэль. Там таксама было што паглядзець, але вырашылі надта не затрымлівацца – паабедалі, трохі пафатаграфавалі, і выехалі на Біштынэк. Наступны пасля Біштынка пункт – гэта Ківіты, і мы вырашылі паехаць не цэнтральнай трасай, а праз лясы. Знайшлі дарогу, а па дарозе затрымаліся ў вёсцы Сулова. Там пабачылі мы касцёл.
Стаіць ён на ўзгорку, але пры гэтым парослы вакол дрэвамі так, што пабачыць яго ніадкуль практычна немагчыма. І, між іншым, немагчыма сфатаграфаваць цалкам – не атрымліваецца так далёка адысці. Касцёл неверагоднай прыгажосці. Ён не пампезны, без аніякіх аздобаў. Цэгла, камень і дрэва. З дрэва зроблена званніца з нябачным гадзінікам. Маецца на ўвазе, што лічбакола няма – толькі звонам час пазначаецца.

0160_novyy_razmer.jpg

0161_novyy_razmer.jpg

0166_novyy_razmer.jpg

Мы ля таго касцёла прасядзелі даволі доўга, таму і вырушлі позна, таму і не спыняліся больш нідзе, таму і ў Лідзбарк-Варміньскі прыехалі толькі ўвечары. Прычым ужо пад самым горадам спыніліся каля мотакросавай трасы – фатаграфаваць, зразумела.

0188_novyy_razmer.jpg

0192_novyy_razmer.jpg

У самім жа горадзе вычыталі аб’яву пра фестываль старадаўняй музыкі, прычым адзін з канцэртаў адбываўся вось зараз у замку. Мы туды і пагналі, і на канцэрт схадзілі.
Начлег паехалі шукаць ужо ўпрыцемках. Выехалі з гораду, дабраліся да возера, але там – ніякіх кемпінгаў. Што рабіць – не ведаем. Добра, што сустрэлі нейкага хлопца на машыне, які сказаў, што зямля вакол возера належыць гораду, і таму намёт можна ставіць дзе заўгодна і абсалютна бесплатна. Безумоўна, мы так і зрабілі. Паплавалі трохі, павячэралі і паваліліся спаць.

Праехалі 61 км.
Сярэдняя хуткасць – 14,8 км/г
Час у сядле – 4 г. 5 хв.

 

0234_novyy_razmer.jpg

0236_novyy_razmer.jpg

0241_novyy_razmer.jpg
 

7 жніўня 2010 г.
Кемпінг у Фрамборку

За ўчарашні дзень так фотаапарат Алесь і не дастаў. Але…
Мэтай дня была Балтыка. І да Балтыкі мы дабраліся. Праўда, раніцай доўга вырашалі, як лепш ехаць – я меркаваў, што найлепей малымі, рэгіянальнымі дарогамі, Алесь прапаноўваў больш-менш вялікія трасы. Урэшце ён мяне пераканаў. Маршрут быў такі: Гурова-Ілавецке – Пененжна – Бранева – Фрамборк.
Фрамборк! Вось тут я першы раз пабачыў Балтыку. Праўда, гэта не зусім Балтыка, а Zalew Wislany, але нам хапіла. Мы выехалі на бераг, кінулі ровары і пачалі… тэлефанаваць на радзіму – маўляў, дабраліся да мора. І там жа, на беразе, пазнаёміліся з велапарай з Варшавы – Кшыштафам і Веславай. Пайшлі з імі папіць піва, пагаманіць. Ну, і дагаманіліся да таго, каб паехаць разам, у сувязі з чым планы мы зноў (ужо не першы раз за гэтую дарогу) падкарэктавалі.
Пасля піва паехалі купацца – а як жа! Заліў вельмі плыткі (трэба прайсці мо з поўкіламетра, каб вада была па плечы) і вельмі цёплы. Неверагоднае ўражанне ад таго, што ты ідзеш, ідзеш, ідзеш, а дно амаль не паніжаецца, і дарога па моры здаецца бясконцай. Да таго ж сонца стаіць нізка над вадой і нібы прамалёўвае табе залатую сцежку.
Дарэчы, Фрамборк – гэта горад Каперніка. Там ён жыў, там працаваў, там захавалася ягоная абсерваторыя. Але ў сувязі з тым, што прыехалі мы позна, так нікуды і не патрапілі – усе музеі працуюць недзе так да 16.00.
Тут, у Фрамборку, мы першы раз патрапілі на сапраўдны кемпінг. Каштаваў ён 20 злотых на чалавека з намётам. Праўда, мы, калі шчыра, здолелі не заплаціць. Заехалі, паставілі там намёты, знайшлі месца для агню і расклалі цяпельца (хоць народу было шмат, ніхто да гэтага без нас не дадумаўся). Узялі піва, сасіскі, селі. А да нас пачалі падсажвацца велатурысты – з Галандыі, з Расіі, з Польшчы. Было вельмі цікава размаўляць на такой польска-руска-ангельскай трасянцы. Пры гэтым усе адно аднаго разумелі, весяліліся. Карацей, спаць ляглі позна, ды яшчэ я забыўся зашпіліць намёт. З-за гэтага ўночы, калі пачаўся дождж, мяне няблага заліла вадой. Гэта, бадай, адзіная непрыемнасць за ўвесь дзень, бо ўсё астатняе было проста цудоўна.

Праехалі 91 км.
Сярэдняя хуткасць – 16,7 км/г
Час у сядле – 5 г. 24 хв.
 

8 жніўня 2010 г.

Вёска Туйск, гасцявы домік.

Зборы былі доўгія – Алесь мяняў спіцы, я сушыў рэчы. А 10-й сустрэліся на вакзале з Кшыштафам і Веславай, павіталіся, нацягнулі курткі (бо пайшоў лёгкі дождж) і паехалі ў бок Эльблёнга.
Адразу дарога ішла збольшага ўверх, было цяжкавата, але потым мы напаткалі 7-ікіламетровы спуск! Ляцелі з кайфам, нават ногі зацяклі ад адсутнасці якога-кольвек руху. Потым, спусціўшыся, запыталі дарогу і даведаліся, што далей нас чакае такі ж самы пад’ём! Вось тут мы трохі збянтэжыліся, але той мясцовы веласіпедыст, што дарогу падказваў, дапамог нам і правёз аб’язднымі сцежкамі. Узрадаваныя гэтым, мы… не туды павярнулі і заехалі ў Эльблёнг, хаця нам і не трэба было туды – меліся павярнуць раней. Развярнуліся, знайшлі паварот, паехалі.
У адзін цудоўны момант, сярод лясоў і балотаў, раптам пачало цямнець. У спадзяванні знайсці перад залевай нейкі прытулак, мы прыціснулі пядалі. Але пейзаж не мяняўся – лес, балоты… І толькі калі з неба лінула, як з вядра, мы пабачылі будынак – Dom pomocy spolecznej (дом састарэлых). Ламануліся мы туды з апошніх сілаў і на гранічнай хуткасці. А там – нібы нікога і няма. Адчыненыя дзверы ў кацельную, ды й годзе. Зайшлі, бо выбару не было. Зразумелі, што тут няблага, і калі не лічыць таго, што мы без дазволу ўлезлі на чужую тэрыторыю, усё добра. І тут – шум, адчыняюцца дзверы, заходзіць жанчына-супрацоўніца. Мы адразу казаць, што вось дождж, перачакаць, нікога не было. А яна, даведаўшыся, што ў нашай кампаніі ёсць замежнікі (маюцца на ўвазе я і Алесь) завохкала, запрасіла нас у сталоўку, напаіла кавай, накарміла вафлямі. А тут і дождж скончыўся – паехалі далей.
Праз раку Ногаль перабраліся на пароме (першы раз у маім жыцці скарыстаўся гэтым транспартам). Літаральна праз колькі кіламетраў мы выехалі на дарогу Стэгна – Новы Двор Гданьскі, і там пабачылі… паравоз! Сапраўдны паравоз на вузкакалейцы. Ашалелі мы ад гэтага відовішча так, што зноў не туды павярнулі, і прыехалі ў Новы Двор. Зноў развярнуліся і, сцяўшы зубы, паехалі назад. Праехалі той паварот, на якім аблажаліся, потым праехалі яшчэ трохі, а потым плюнулі і вырашылі да Стэгна не даязжаць, а спыніцца дзе папала. Папалі мы на мужыка, які здаў нам на ноч за 100 злотых на чацвярых гасцявы домік. Маецца на ўвазе домік з душам, туалетам, тэлевізарамі, кухняй, двума паверхамі і ўсялякай такой трасцай. Пераначавалі мы там добра, зараздзілі мабільныя і адмоклі ў душы.

Праехалі за дзень 79 км.
Сярэдняя хуткасць – 15,6 км/г
Час у сядле – 4 г. 53 хв.

0251_novyy_razmer.jpg

0260_novyy_razmer.jpg

0285_novyy_razmer.jpg

9 жніўня 2010 г.

Гданьск, кемпінг “Стогі”

Раніцай мы спакойна сабраліся, паснедалі, Алесь памяняў (як штораніцу) спіцы, і мы літаральна за дваццаць хвілін даехалі да Стэгны. Там развіталіся з нашымі спадарожнікамі і паехалі на Гданьск.

0307_novyy_razmer.jpg

Дарога павінна была быць лёгкай – кіламетаў дзесяць да парома, а потым яшчэ з пятнаццаць да Гданьска. Але высветлілася, што паром не курсуе з прычыны высокай вады. Мы ўздыхнулі і паехалі ў аб’езд, чым амаль падвоілі кіламетраж. Прычым ехаць было цяжка з прычыны моцнага сустрэчнага ветру, таму і цягнуліся ледзь-ледзь.
Пад Гданьскам сустрэлі знаёмых з мінулага кемпінга расіянаў, і разам з імі ўжо ўпоцемку, пад моцным дажджом дабраліся да горада. Там, на кемпінгу “Стогі” паставілі намёты і паваліліся спаць.

Праехалі 55 км.
Сярэдняя хуткасць – 15,4 км/г

 

0332_novyy_razmer.jpg

10 жніўня 2010 г.

Гданьск, кемпінг “Стогі”

Цэлы дзень каталіся па Гданьску.

Праехалі 40 км.
Сярэдняя хуткасць – 10,2 км/г
Час у сядле – 3 г. 54 хв.
0336_novyy_razmer.jpg0354_novyy_razmer.jpg0362_novyy_razmer.jpg0367_novyy_razmer.jpg0372_novyy_razmer.jpg0413_novyy_razmer.jpg0421_novyy_razmer.jpg0500_novyy_razmer.jpg

11 жніўня 2010 г.

Мальборк, кемпінг “Осір”

Учора мы доўга збіраліся, фатаграфаваліся ля мора, а потым яшчэ заехалі ў горад. Пабачылі крэпасць Віслауйсьце і маяк з шарам часу ў порце. Першы раз у жыцці я пабачыў марскія караблі. Адчуў сябе мурашом.

0516_novyy_razmer.jpg0517_novyy_razmer.jpg0531_novyy_razmer.jpg0588_novyy_razmer.jpg0508_novyy_razmer.jpg0609_novyy_razmer.jpg

Практычна ўвечары, а 16-й мы рушылі на Мальборк. Доўга выбіраліся з гораду, таму на трасе былі толькі а 18-й.
Вецер быў у плечы, ехалася вельмі добра. Ужо ўпоцемку даехалі да Тчэва, адтуль павярнулі на Мальборк. Ад паварота на працягу некалькіх кіламетраў траса 22 брукаваная! Трэсліся, але ехалі.
Каля 24.00 мы заехалі ў Мальборк і ашалелі. Замак пераўзыходзіць усе уяўленні.

0639_novyy_razmer.jpg0642_novyy_razmer.jpg

Фатаграфавалі, пілі каву ў рэстаране, а потым дабраліся да кемпінга з цвёрдым намерам дзець прысвяціць замку і гораду.

Праехалі 81 км.
Сярэдняя хуткасць – 14,9 км/г
Час у сядле – 5 г. 25 хв.

12 жніўня 2010 г.

Мальборк, кемпінг “Осір”

Учора цэлы дзень былі ў Мальборку.

Праехалі 12 км.

 

0645_novyy_razmer.jpg0671_novyy_razmer.jpg0760_novyy_razmer.jpg0868_novyy_razmer.jpg0878_novyy_razmer.jpg0899_novyy_razmer.jpg0911_novyy_razmer.jpg0912_novyy_razmer.jpg0927_novyy_razmer.jpg0944_novyy_razmer.jpg0956_novyy_razmer.jpg

 

 

14 жніўня 2010 г.

Дом

З Мальборка мы выехалі 12 жніўня раніцай. Даволі хутка даехалі да Эльблёнга, купілі квіткі на цягнік да Беластока, залезлі ў веласіпедны вагон і паляглі там на пенкі. Паспалі. Недзе за паўтары гадзіны да Беластоку ў вагон увайшлі некалькі п’яных чэшскіх веласіпедыстаў. Таксама ў вагоне мы пазнаёміліся з Міраславам, выкладчыкам на пенсіі з-пад Беластока, веласіпедыстам. Ён, калі мы выселі (а ўжо была ноч), дапамог нам выбрацца з гораду. Мы і далей недзе з трыццаць кіламетраў меліся ехаць разам, але ў Алеся зноў вылецелі спіцы. Міраслаў рушыў далей, а нам давялося затрымацца.
У Сакулцы патрапілі пад кароткі, але вельмі моцны дождж.
Недзе за пяць кіламетраў да мяжы зноў ставілі спіцы.
Мяжу прайшлі вельмі хутка, толькі што потым заблукалі і трохі пакружлялі вакол Гародні. Недзе за кіламетр ад вакзала ў Алеся зноў паляцелі спіцы, таму апошні кавалак дарогі мы ішлі пехам.
Некалькі гадзін мы паспалі на вакзале, потым селі ў цягнік…
Падарожжа скончанае.

 

1034_novyy_razmer.jpg

Ад Мальборка да Гародні (12.08 раніца – 13.08 раніца) праехалі 130 км.
Сярдняя хуткасць – 14,7 км/г
Час у сядле – 8 г. 52 хв.

Усяго праехалі 813, 32 км.

Гэта было маё першае вялікае велападарожжа. Але ўжо ведаю дакладна - не апошняе. Толькі б дачакацца лета...
 

 

Короткая ссылка: 
https://veloby.net/node/1268 - [node 1268]
Brainless's picture

#

Зэба! Малайцы! Карош отчет! Фотки классные, только мелковатые жаль. Предлагаю на будущее еще делать краткое резюме таких поездок: кроме километража и дней в пути, полагаю многим было бы интересно узнать финансовую составляющую похода (минимальная сумма с которой уже можно ехать), самое необходимое снаряжение и что взяли, но не пригодилось, другие характерные важные детали именно этой поездки.

артемка's picture

#

согласен с Женей. и еще интересно, как открывали шенген.

skrypka's picture

Ужо

А я пра гэта пісаў трошкі раней, адразу па паездцы. Каму цікава - у маім блогу тут пост "Прыехалі". Але магу ўдакладніць яшчэ раз.
Фінансы - недзе 1 800 злотых на дваіх мы патрацілі. Гэта з усім - дарогай, начлегамі, ежай, півам і сувенірамі, а таксама з рамонтамі веласіпедаў (МВЗ, што зробіш...)
Бралі: намёты, пенкі, спальнікі, рэмкамплекты, адзенне і запасны абутак, тэнты. Не спатрэбілася клеіць камеры, напрыклад, але гэта не азначае, што рэмкамплект не трэба браць. Ну, пашанцавала. Не хапіла прымуса (ці як ён там называецца), бо нельга ў Польшчы раскладаць вогнішчы дзе захочацца. Ды й увогуле амаль нідзе нельга.
Што да Шэнгену, то ўсё проста. Мы звярнуліся ў Польскі інстытут з просьбай аб выдачы візаў спецыяльна пад паездку, вынікам якой сталася б фотавыстава. І яна такі адбудзецца - зараз шукаем пляцоўку. Вось і ўсё. Калі што яшчэ - пішыце, адкажу. Між іншым, на наступны год плануем у нечым падобнае падарожжа. Можа атрымаецца таксама халяўныя візы зрабіць.

Вход на сайт

Свежие комментарии

skrypka: А я пра гэта пісаў трошкі раней, адразу па паездцы. Каму цікава - у маім блогу тут пост "Прыехалі... #
13 лет 1 неделя назад,
артемка: согласен с Женей. и еще интересно, как открывали шенген. #
13 лет 1 неделя назад,
Brainless: Зэба! Малайцы! Карош отчет! Фотки классные, только мелковатые жаль. Предлагаю на будущее еще делать... #
13 лет 1 неделя назад,

TOP-10 за месяц

Помочь Велобаю