Прыехалі!

1
Отчёт к покатушке: 
Гародня - Гданьск

Мы вярнуліся!
Паездка была - проста супер. Адразу паведамлю, што нашыя планы выканаліся толькі часткова. Маецца на ўвазе, што да Гданьска даехалі і нават трохі пераехалі, але назад вярталіся на цягніку, бо ўжо часу не ставала. Усяго праехалі не 1 500 км, а толькі 813 км. Фатаграфіі зараз апрацоўваюцца, будуць трохі пазней, таму і поўную справаздачу напішу праз некаторы час – з фоткамі, картамі (у тым ліку картай веламаршрутаў Балтыйскага ўзбярэжжа і картай польскіх кемпінгаў). А зараз – проста кароткая інфармацыя пра паездку.
МАРШРУТ
1 дзень: Кузніца-Беластоцкая – Новы Двор – Домброва-Беластоцка – Ліпск – Аўгустаў (112 км.)
2 дзень: Аўгустаў – Олецко – Выдміны (64 км.)
3 дзень: Выдміны - Гіжыцко – Кентшын – Сьвента Ліпка (90 км.)
4 дзень: Сьвента Ліпка - Рэшэль – Біштынэк – Лідзбарк-Варміньскі (61 км.)
5 дзень: Лідзбарк-Варміньскі - Гурово-Ілавецке – Пененжно – Бранево – Фромборк (90 км.)
6 дзень: Фромборк – Туйск (79 км.)
7 дзень: Туйск – Мікошэво – Гданьск (55 км.)
8 дзень: Гданьск (агляд гораду, 40 км.)
9 дзень: Гданьск – Прушч Гданьскі – Тчэв – Мальборк (81 км.)
10 дзень: Мальборк (агляд гораду, 12 км.)
11-12 дзень: Мальборк – Эльблёнг – Беласток – Гародня (130 км.)

ВЕЛАСІПЕДЫ

Ехалі мы на роварах “Aist AT9-133”. Тых самых, што атрымалі ад велазавода спецыяльна на гэтую паездку. Усяго на іх мы праехалі ўжо больш за 1 500 км. Назад вярнуліся на іх жа – гэта плюс. Праблемы ў дарозе былі наступныя:
У маім веласіпедзе некалькі разоў за паездку рэгулявалі пераключэнне перадач і тармазы на абодвух колах, таксама адзін раз раўнялі васьмёркі. Яшчэ ў Мінску замянілі ланцуг.
У веласіпедзе Алеся (так завуць майго сябра) таксама адбылася змена ланцуга, рэгулёўка перадач і тармазоў праводзілася перыядычна на працягу паездкі. Але самае вясёлае тое, што ў яго за дарогу вылецела 28 спіц! Усе на заднім коле. Не вытрымлівалі груз на багажніку.
Самі па сабе веласіпеды цяжкія, але ход прыстойны.
Больш ні з чым праблемаў не было.
ВЫСНОВА: ровары добрыя для дачы і паездак па горадзе. У далёкае падарожжа на іх лепш не выпраўляцца – невядома, што і калі ляснецца.

ДАРОГІ, ПРАВІЛЫ І БЯСПЕКА
Дарогі ў Польшчы розныя – як вельмі добрыя, роўныя, так і з пабітым асфальтам, складзеныя з бетонных пліт і г.д. Аднаго разу мы ўвогуле ашалелі – дарога на Мальборк ад Тчэва (траса 22) на працягу некалькіх кіламетраў брукаваная! Без жартаў, невялічкімі каменьчыкамі выкладзеная.
Галоўная праблема адна – дарогі, як зазвычай, вузкія. Таму, безумоўна, трэба выбіраць дарогі не галоўныя (на іх, зрэшты, вельмі часта на веласіпедзе ездзіць проста забаронена), вельмі добра пазначаць сябе (флікеры, яркае адзенне і г.д.), а таксама ездзіць у кампаніі. Палякі на машынах па сваіх дарогах носяцца, што дурныя. Веласіпедыстаў не любяць (вузкія дарогі, не аб’ехаць), таму абганяюць часамі вельмі небяспечна. Але калі едзе велакалона (3 і больш чалавек), міжвольна сябе стрымліваюць.
Правілы ў Польшчы ў дачыненні да веласіпедыстаў значна больш лагодныя, чым у нас. І велаінфраструктура, між іншым, выдатная. Напрыклад, палову дарогі ад Прушча Гданьскага да Тчэва (каля 15 км.) мы ехалі не па дарозе, а па выдатнай веладарожцы, што ідзе побач з трасай.
Шмат дарог пазначаны як веласіпедныя маршруты. Яны пазначаны знакам веласіпеда розных колераў. Звычайна гэтыя дарогі вядуць па больш-менш цікавых турыстычных мясцінах. Што датычыцца колераў, то траса зялёнага колеру азначае лёгкую дарогу, без вялікіх горак і бездарожжа, чырвоная – цяжэйшая, а па чорнай я б і ездзіць не рызыкнуў.
Па горадзе ніхто не прымушае ездзіць па ходніках – можна спакойна выехаць на праезжую частку, перастроіцца ў неабходную паласу, павярнуць куды трэба і г.д. Што забаронена катэгарычна, дык гэта ездзіць пад градусам. Паліцыя веласіпедыстаў ловіць больш, чым аўтамабілістаў. Па польскіх законах нецвярозы веласіпедыст можа атрымаць да 2 гадоў турмы.

НАЧЛЕГІ

У Польшчы нельга – на вялікі жаль – паставіць намёт проста ў лесе і заначаваць. Усё прыватнае, і да аматараў такіх начлегаў можа прыехаць паліцыя. Безумоўна, калі дазволіць гаспадар альбо ляснік (яго можна знайсці па надпісе “leśniczówka”), можна. Але ў асноўным начаваць можна на кемпінгах. Каштуе гэта, як зазвычай, ад 15 да 25 злотых за чалавека з намётам (15-25 тыс. на нашыя грошы). У гарадах часта вісяць знакі, па якіх кемпінг можна знайсці (выглядаюць як шалаш, хто не ведае). А на дарозе трэба шукаць наступныя надпісы:
Pole namiotowe
Gospodarstwo agroturystyczne
Kemping
А таксама (калі хочацца заначаваць у ложку):
Noclegi
Pokoje

На кемпінгах заўсёды ёсць туалет, душ, нейкі буфет ці бар. І менавіта на кемпінгах мы пазнаёміліся з вялікай колькасцю велатурыстаў з розных краін – ад Расіі да Нідэрландаў.
І яшчэ адно – ні ў якім выпадку нельга распальваць агонь! Нідзе. Хіба што не кемпінгу будзе спецыяльнае месца пад гэта. Таму трэба мець з сабой прымус (ці як ён там правільна называецца?). У нас не было, у сувязі з чым даволі шмат давялося патраціць на ежу. Адразу купіць не здагадаліся, а пазней палічылі безсэнсоўным. У Польшчы гэтая прылада называецца kuchienka і каштуе ад 20 да 120 злотых. Плюс балон – 20-25 злотых. Кажуць, хапае для дваіх на тыдзень.

ЧЫГУНКА

З перавозам ровараў праблемаў няма. У раскладзе часта цягнікі пазначаныя знакам веласіпеда – гэта азначае, што ў ім ёсць велавагон. Там, дзе яго няма, можна везці веласіпед проста з сабой. Але абавязкова трэба купіць білет – як на сябе, так і на двухколавага сябра.

ЛЮДЗІ

Аўтамабілісты нас не любяць (гл. вышэй), але велатурыст велатурысту заўсёды дапаможа. Прынята вітаць адно аднаго (можна проста махнуць рукой), ну і, безумоўна, спыніцца і прапанаваць дапамогу таму, у каго нешта здарылася.
Велатурыстаў даволі шмат, асабліва ў турыстычных раёнах, і з розных краін, таму палякі да нас прызвычаеныя. Заўсёды дадуць вады, падкажуць дарогу, парэкамендуюць месца для начлегу. Безумоўна, трэба хаця б трохі ведаць польскую мову.

ЦЭНЫ

Уся дарога ад дому да дому нам каштавала недзе ў 1 800 тыс. на дваіх. Гэта з начлегамі, ежамі, сувенірамі і цягнікамі.
Пра цэны кемпінгаў я ўжо напісаў, а паесці ў рэстаране каштуе ад 7 злотых на чалавека (pierogi z mięsem).
Проста прадукты лепш за ўсё купляць у крамах Lidl – найтанней.

Вось пакуль і ўсё. Будуць фатаграфіі – будзе і працяг.

Короткая ссылка: 
https://veloby.net/node/931 - [node 931]
MiSHuTka's picture

#

Спасибо, интересно почитать!

С нетерпением ждём продолжения и фотоотчёта Smile

maxer's picture

#

Очень интересно, хочется тоже так покататься.

Violetta's picture

#

C возвращением! за отчет спасибо, буду ждать полную версию)))

Infantile's picture

#

молодцы, ребята!

#

С возвращением

Вход на сайт

Свежие комментарии

Александр (Не проверено): С возвращением #
13 лет 1 неделя назад,
Infantile: молодцы, ребята! #
13 лет 32 нд назад,
Violetta: C возвращением! за отчет спасибо, буду ждать полную версию))) #
13 лет 32 нд назад,
maxer: Очень интересно, хочется тоже так покататься. #
13 лет 32 нд назад,
MiSHuTka: Спасибо, интересно почитать! С нетерпением ждём продолжения и фотоотчёта #
13 лет 32 нд назад,

TOP-10 за месяц

Помочь Велобаю